«Роднай мовы пералівы»
«Роднай мовы пералівы»
Традыцыйна з мэтай узмацнення матывацыі да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, культурнай і гістарычнай спадчыны нашай краіны з 22 па 27 лютага ў гімназіі №3 праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад назвай «Роднай мовы пералівы».
Адбываецца далучэнне дзяцей да духоўных скарбаў народа, абуджэнне цікавасці і павагі да роднага слова, да беларускай мовы, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Мерапрыемствы тыдня былі спланаваны педагогамі і садзейнічалі фарміраванню ў дзяцей актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіццю пазнавальнай актыўнасці, актывізацыі сумеснай дзейнасці.
Серыя інтэлектуальна-пазнавальных гульняў з выкарыстаннем сучасных сродкаў візуалізацыі ў групавой форме работы дазволіла ўключыць у працэс пошуку і творчасці нават самых незацікаўленых вучняў, а радасць перамогі стала магутным штуршком для далейшага вывучэння роднай мовы. Матэрыялы запланаваных мерапрыемстваў мелі на мэце выхаванне культуры і патрыятычнага светапогляду вучняў, абуджэнне цікавасці да беларускай мовы і культурна-гістарычнай спадчыны як у цэлым беларускага народа, так і ў прыватнасці культурна-гістарычнай спадчыны нашага рэгіёна. Так гурткоўцы-краяведы пад кіраўніцтвам Дзенісюк Н.А. выступілі з інтэрактыўнай экскурсіяй «Экспанат загаварыў», што спрыяла развіццю інтэлектуальных, творчых і камунікатыўных здольнасцей вучняў. Мерапрыемства зацікавіла тым, што вучні змаглі даведацца пра яшчэ мала вядомыя імі факты з жыцця і побыту нашых продкаў.
Турнір для кемлівых “Залацінкі народнай мудрасці” быў праведзены ў 10-м класе Ахрымук І.У., Радчук К.В. Мэта мерапрыемства: стварыць атмасферу своеасаблівага свята народнай творчасці, свята роднай мовы, літаратуры; зацікавіць вучняў нашай народнай спадчынай праз знаёмства са шматлікімі прыказкамі, прымаўкамі і фразеалагізмамі; развіваць творчасць, дапытлівасць.
Адкрытыя заняткі і ўрокі «Беларусь – мая краіна», «Знаўцы беларускай мовы і гісторыі», "Беларускае красамоўства" Амяляшчык М.Д., Раманюк І.М., Дацкевіч Н.Б. яшчэ раз далучылі вучняў да багатага, цікавага і захапляльнага свету нашай мовы і культуры.
Гульнёвы занятак «Гарэза» для выхаванцаў ГПД правяла выхавальнік Козак Л.В, дзе пазнаёміла дзяцей з беларускімі народнымі гульнямі і побытам нашых продкаў. Атмасфера панавала проста цудоўная!
Акцыя «Усеагульны дыктант «Успомніць усё» ахапіла як, так і настаўнікаў гімназіі. Яе ўдзельнікі атрымалі магчымасць не толькі праверыць сваю арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць, але і адчуць прыгажосць, мілагучнасць роднай мовы. Задавальненне, невялікае хваляванне і радасць ад добрага выніку чыталіся на тварах і зляталі з вуснаў настаўнікаў і вучняў.
Конкурс на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў “Селі на лірычныя арэлі» даў магчымасць вучням паказаць свае аратарскія здольнасці. Дадзенае мерапрыемства, мэтай якога было прыцягнуць увагу да цудоўнага свету паэзіі і прозы, нікога не пакінула раўнадушным.
Творчыя конкурсы «Мая любімая беларуская літара», «Чароўнае Ў», флаер-фэст «У любімай мове, роднай, наскай…», інтэрнэт-конкурс «Беларусь мая…», Instagram-акцыя “Сэлфі па-беларуску” сталі сродкамі абуджэння цікавасці да пазнання свету, садзейнічання праяўлення зацікаўленасці, крэатыўнасці і творчасці вучняў.
Усе мерапрыемствы былі цікавымі і вучням, і настаўнікам. Яны далі магчымасць вучням праявіць сваю эрудыцыю, знаходлівасць, адчуць гонар за свой народ, за сваю зямлю, за тое, што мы – беларусы!
Усе настаўнікі (Ігнацьева С.С., Дзенісюк Н.А., Радчук К.В., Ахрымук І.У., Палятай Н.Г., Пралеева Т.А., Раманюк І.М., Козак Л.В., Дацкевіч Н.Б., Добыш С.Ю., Амяляшчык М.Д., Будзюк Т.В., Кандрацюк Т.В., Лагуцёнак Л.В., Мокшына Г.П.) імкнуліся стварыць падчас правядзення мерапрыемстваў атмасферу свята: свята народнай творчасці, свята роднай мовы, гісторыі, культуры і літаратуры.
Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках тыдня настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, сталі добрымі ўрокамі выхавання духоўнасці, пачуцця адданасці роднаму краю і яго культурнай спадчыне.
Усім нам хочацца пажадаць: любіце і шануйце родную мову!
Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, -
Нам цяпер ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце.
Наша несмяротнае жыццё.
Г.Бураўкін